АСНА́СТКА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАЯ ў машына- і прыладабудаванні, інструменты, прыстасаванні і інш. сродкі для механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў.
Аснастка тэхналагічная ўключае ўстановачныя, заціскныя і накіравальныя элементы, дзялільныя і паваротныя прыстасаванні, механізаваныя прыводы (электрычны, мех., гідраўл., пнеўматычны і інш.). Паводле ступені спецыялізацыі бывае універсальная, спецыялізаваная і спецыяльная, па прызначэнні — станочная, зборачная, кантрольная і інш. Універсальная аснастка тэхналагічная выкарыстоўваецца ў адзінкавай і дробнасерыйнай вытв-сці розных па форме, памерах і матэрыяле дэталяў. Спецыялізаваная ўжываецца ў серыйнай вытв-сці для апрацоўкі дэталяў падобных формаў з пераналадкай. Спецыяльнай аснасткай выконваюць адну канкрэтную аперацыю ў масавай вытв-сці вырабаў аднаго памеру і формы (напр., штампы для ліставой і аб’ёмнай штампоўкі, прэсформы для вырабу керамічных і пластмасавых дэталяў, прыстасаванні для вырабу і зборкі інтэгральных схем і інш.). На Беларусі па аснастцы тэхналагічнай спецыялізуюцца Гомельскі з-д радыётэхн. аснасткі, з-д спец. інструментаў і тэхнал. аснасткі ВА «Мінскі трактарны завод» і інш.
Р.М.Шахлевіч.
т. 2, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)